Фама Аквінат (Thomas Aquinas; 1225 ці 1226, замак Ракасека каля Акуіна, Італія — 7.3.1274),
сярэдневяковы філосаф, тэолаг, сістэматызатар схаластыкі, заснавальнік тамізму. Д-р тэалогіі (1257). Чл. ордэна дамініканцаў (1244). Выхоўваўся і вучыўся ў бенедыкцінскім кляштары Монтэ-Касіна, у Неапалітанскім і Парыжскім ун-тах; вучань Альберта Вялікага. Выкладаў у Парыжы, Рыме, Неапалі. У асн. працах «Сума філасофіі, аб сапраўднасці каталіцкай веры супраць язычнікаў» (1259—64), «Сума тэалогіі» (не скончана, 1269—73) імкнуўся даць філас. абгрунтаванне хрысц. веравучэнню на аснове сінтэзу рацыянальнага і рэліг. пазнання, пераасэнсавання з хрысц. пазіцый філасофіі Арыстоцеля. Асн. прынцып філасофіі Ф.А. — гармонія веры і розуму; быў упэўнены, што розум здольны даказаць быццё Бога і адхіліць пярэчанні супраць ісцін веры. Догматы веры падзяляў на рацыянальна зразумелыя, Якія можна растлумачыць пры дапамозе розуму (існаванне Бога, бессмяротнасць душы і інш.), і звышрацыянальныя, недаступныя логіцы, якія спасцігаюцца толькі шляхам веры (створанасць свету, догмат пра першародны грэх). Дасканалае пазнанне, на яго думку, магчыма толькі ў раі ці ў стане рэліг. экстазу і заключаецца ў сузіранні Бога. Лічыў, што найвышэйшага шчасця чалавек дасягае пры ўсведамленні божай сутнасці, што магчыма толькі пры выкананні ўсіх прадпісанняў рэлігіі і царквы. Уяўляў Бога як быццё, што мае раз і назаўсёды ўстаноўленыя парадак і іерархію; сцвярджаў, што чалавек павінны падпарадкоўвацца гэтаму парадку і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці, займаць у грамадстве становішча, наканаванае яму Богам і божымі намеснікамі на зямлі — царквой і свецкай уладай. Царк. ўлада, паводле Ф.А., вышэй за манархічную; усе зямныя правіцелі павінны падпарадкоўвацца папе рымскаму. З 14 ст. вучэнне Ф.А. лягло ў аснову развіцця рымска-каталіцкай тэалогіі. У 1323 ён кананізаваны каталіцкай царквой, у 1567 прызнаны «пятым настаўнікам царквы». У 1879 вучэнне Ф.А. абвешчана папам Львом XIII «адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму», што стала падставай для развіцця неатамізму — афіц. дактрыны рымска-каталіцкай царквы. Неатамісты (Ж.Марытэн, Э.А.Жыльсон і інш.) бачаць у вучэнні Ф.А., якое абвясціла гармонію веры і розуму, рэлігіі, волі і маралі, аснову для стварэння гарманічнай і цэласнай культуры.
Тв.:
Рус.пер. — Сумма теологии I—II. Вопрос 18. О благе и зле применительно к человеческим действиям вообще // Вопр. философии. 1997. №9;
О нападении демонов // Человек. 1999. №5;
Сумма теологии. Вторая книга второй части, вопрос 66. (О краже и грабеже) // Личность и мир. 2000. №7.
Літ.:
Маритен Ж. Фома Аквинский, апостол современности // Маритен Ж. Знание и мудрость: Пер. с фр.М., 1999;
Жильсон Э. Избранное. Т. 1. Томизм: Введение в философию св. Фомы Аквинского: Пер. с фр. М.; СПб., 2000.